Віртуальны Універсітэт Залатога Веку – гэта адукацыйная пляцоўка для сталых людзей, якія імкнуцца атрымліваць важныя для жыцця ў сучасным грамадстве веды і ўменні, развівацца і самарэалізоўвацца, быць карыснымі грамадству.

На гэтай пляцоўцы будуць змяшчацца онлайн курсы, запісы вэбінараў і прамыя трансляцыі розных адукацыйных мерапрыемстваў, карысныя відэа і публікацыі, а таксама навіны пра розныя адукацыйныя магчымасці, якія ствараем мы альбо нашыя партнёры.

Ідэя стварэння Віртуальнага Універсітэту з’явілася ў нас ледзь не з самага пачатку ўзнікнення нашага “Універсітэту Залатога Веку” (дзейнічае з 2010 г.), але доўгі час з-за недахопу часу і рэсурсаў адкладалася намі “на потым”.

Часу і рэсурсаў не хапае і зараз, але пандэмія каронавірусу, якая прымусіла нас перавесці вясной 2020 года ўсе навучальныя праграмы для сталых людзей у онлайн-фармат, прыспешыла працу па стварэнні Віртуальнага ўніверсітэту, які будзе дзейнічаць як асобны кірунак працы нашага “Універсітэту Залатога Веку”.

Мы спадзяемся, што наведвальнікамі Віртуальнага УЗВ стануць не толькі тыя, хто наведвае стацыянарныя заняткі нашых курсаў і клубаў, але і іншыя сталыя людзі – у тым ліку з мясцовасцяў, дзе пакуль няма альбо не хапае адукацыйна-асветніцкіх пляцовак для сталых людзей.

Стваральнікамі Віртуальнага ўніверсітэту з’яўляюцца супрацоўнікі і валанцёры двух арганізацый – грамадскага аб’яднання “Цэнтр “Трэці сектар” і ўстановы “Цэнтр дадатковай адукацыі дарослых “Студыя карысных кампетэнцый“.

Мы робім гэтую працу, не атрымліваючы за гэта аніякіх заробкаў, з верай у тое, што сталыя беларусы заслугоўваюць годнага жыцця і што адукацыя з’яўляецца адным з чыннікаў, якія могуць станоўча паўплываць на якасць жыцця сталага чалавека.

Мы будзем удзячныя за ахвяраванні, якія дапамогуць нам стварыць і развіваць Віртуальны Універсітэт, каб прыносіць карысць як мага большай колькасці людзей залатога веку!